Рубрыка «Гісторыя аднаго прадмета»: варштат

Рубрыка “Гісторыя аднаго прадмета” працягваецца! Прапануем вашай увазе чарговы цікавы экспанат з фондаў нашага музея – варштат.
Згодна энцыклапедычнаму даведніку “Этнаграфія Беларусі” варштат (іншыя назвы, вярстак, сталюга) – гэта прыстасаванне для сталярных работ — апрацоўкі дошак, брускоў, бандарных клёпак і інш. Лакальная назва “кабыла”. У мінулым варштат уяўляў сабой услон з клямарам, у які заціскалася драўляная форма, што апрацоўвалася пры дапамозе струга, гэбля і іншых дрэваапрацоўчых інструментаў. У рабочым стане майстар садзіўся на варштат, заціскаў рычаг клямараў нагою.
Драўляны варштат, што знаходзіцца ў нашым музеі, родам з вескі Казялужжа. Бачна, што ім карысталіся доўга, але і бераглі пільна – каб не расхісталіся драўляныя элементы падмацавалі жалезнымі пласцінамі.
Мяркуем, дарэчна і пазвальна будзе падзяліцца з вамі таксама разважаннямі і расповедам галоўнага захавальніка фондаў Андрэя Эсауленка, на тэму даследвання паходжання і бытавання сённяшняга прадмета нашай рубрыкі, для якога варштат з’яўляецца адным з улюбёных экспанатаў этнаграфічнай калекцыі:
“Пачнем з экскурса ў гісторыю і этымалогію назвы, якая хутчэй за ўсё паходзіць ад нямецкага слова “werkstatt” (сталярная майстэрня), што ў сваю чаргу складаецца з “werken” - працаваць, і «statt» - месца. То бок, “працоўнае месца”, “месца працы”, калі даслоўна. У 17-18 стагоддзях у дзяржавы Усходняй Еўропы, у тым ліку і ў ВКЛ, у пошуках заробку перасялялася мноства рамеснікаў-немцаў, якія прынеслі з сабою і ўвялі ў мясцовы ўжытак нямецкія назвы розных інструментаў, прыстасаванняў і спецыяльнасцей. Напрыклад: слесар, лобзік, шрубцынга. Беларускія майстры-сталяры, часцяком чуючы слова “werkstatt” ад сваіх нямецкіх калег, відавочна "перайгралі" яго ў "варштат", зрабіўшы аднак назвай толькі аднаго - галоўнага станка і атрыбута майстэрні.
Дарэчы, ў беларускай мове варштатам часам называлі і іншыя прылады і прыстасаванні, такія напрыклад, як ткацкія кросны, друкарскія станкі.
Што ж датычыцца паходжання іншых назваў, больш ці менш распаўсюджаных або маючых не вельмі пашыраны, лакальны ўжытак, “сталюга”, на маё меркаванне, узнікла ад словаў “усталяваць”, “усталёўваць”, якія азначаюць пэўнае стваральнае дзейства майстра.
Назва “кабыла”, на маю думку, пайшла ад візуальнага падабенства агульнай формы вясковых варштатаў (ножкі, лава-станіна і ціскі-клямар), з конскім сілуэтам (ногі, тулава і галава) адпаведна.Падабенства яшчэ больш узмацнялася тым, што майстар седзячы на лаве падчас працы, нагадваў конніка ў сядле.
Ну, і нарэшце “вярстак”, зразумела, гэта проста русіфікаваная форма расійскага “верстак”, якую жыхары Расіі падхапілі ад нямецкага “werkstatt” “перарабіўшы” яе тым жа кшталтам, што і беларусы.
У адрозненне ад звыклых зараз для нас больш складаных варштатаў з шырокай рабочай паверхняй у выглядзе стала, з прэсамі-ціскамі і вінтамі-шрубамі па баках, што ўжываліся ў спецыяльных майстэрнях для працы з дрэвам, наш вартштат выглядае значна прасцей. Падобныя вырабляліся не рамеснікамі, а звычайнымі сялянамі і ўяўлялі сабой лаву-ўслон, усталяваную на чатырох ножках, з нажным рычагом-клямарам. Часам ножкі і рабочая паверхня вычэсваліся з суцэльнага ствала дрэва з галінамі і каранямі, складаючы адно цэлае. Цікава, што ў англійскай мове назва варштату гучыць як "workbench", “лава для работы”, сведчанне таго, што верагодна такая форма прылады была ўласціва і старадаўнім варштатам іншых краін і народаў. Што зусім не здзіўляе, улічваючы элементарныя, інтуітыўна простыя і зразумелыя прыёмы працы з прыладай, звычайным месцам для якой былі сені, каля сцяны, насупраць ад уваходу ў хату.
Акрамя апрацоўкі дрэва варштат мог выкарыстоўвацца нашымі продкамі амаль якім заўгодна чынам, нават проста, каб пасядзець на лаве, адпачыць пасля шчырай і плённай працы. Жартую, але, вось адзін з прыкладаў згаданай ўніверсальнасці: у высвідраваную ў лаве варштата адтуліну пад прамым вуглом устаўлялі прасніцу, прыладу з дапамогай якой займаліся прадзеннем ільну, воўны і пяньковай кудзелі. Думаю з ёю, варштат яшчэ больш знешне нагадваў кабылу, цалкам апраўдваўчы адну з вышэйзгаданых сваіх назваў."