Рубрыка «Гісторыя аднаго прадмета»: куфар

Працягваем нашу рубрыку  «Гісторыя аднаго прадмета».

Прапануем вашай увазе яшчэ адзін цікавы экспанат з фондаў нашага музея – куфар.


Згодна энцыклапедычнаму даведніку «Этнаграфія Беларусі» куфар (скрыня) – драўляная ёмістасць, у якой хавалі тканіны, аддзенне, бялізну і каштоўнасці. У беларускай народнай культуры куфар быў практычна культавым, магічным аб’ектам. Кожная нявеста захоўвала ў ім свой пасаг і іншыя каштоўнасці. Кубельнікі (сват ці брат нявесты) везлі куфар на вясельным возе, і ім загадвалі не згубіць «ні скрыні, ні пярыні, ні маладой гаспадыні». Жаніх павінны быў «выкупіць» куфар. Часам трэба было выкупляць куфар некалькі разоў: калі яго выносілі з каморы, калі неслі ў хату жаніха, калі здымалі з воза.


Драўляны са скураным пакрыццем дарожны куфар з жалезнай акоўкай, выраблены у 1864 годдзе на Маскоўскай фабрыцы скураных рэчаў П’ера Карцье. Знойдзены быў гэты куфар у кладоўцы пакінутага дома жыхара вёскі Краснаселле Кліма Ігнатавіча Кананенкі. З успамінаў Кліма Ігнатавіча куфар належаў яго дзеду Пятру Ніканоравічу, які некалі служыў у расійскім войску. Яму часта даводзілася пераязджаць з месца на месца. Рэчы перавозіліся менавіта ў гэтым куфары. Пасля смерці дзядулі куфар адышоў да яго сына Ігната, затым – да самаго Кліма Ігнатавіча. Нават праз 158 гадоў куфар мае належны выгляд, ён нядрэнна захаваўся да нашага часу, толькі скураная абіўка, неаднаразова перафарбаваная яго гаспадарамі, дзе-нідзе мае невялікія пашкоджанні.