Рубрыка «Гісторыя аднаго прадмета»: хадункі

Рубрыка «Гісторыя аднаго прадмета» працягваецца! Прадстаўляем вашай увазе прыладу важнасць, прызначэнне і амаль метафізічныя ўласцівасці якой заключаюцца ў тым, каб дапамагчы маленькаму чалавеку зрабіць самыя першыя ў жыцці самастойныя крокі, навучыць яго цвёрда трымацца на нагах – дзіцячыя хадункі.
Ці ведалі вы, што дзіцячыя хадункі, якія выглядаюць цалкам сучасным вынаходствам, былі вядомыя яшчэ некалькі стагоддзяў назад? Першую з вядомых візуальных выяваў хадункоў, з дапамогай якіх перасоўваецца дзіця, мы можам пабачыць на карціне «Немаўля Хрыстос у хадунках», напісанай у 1480-90 гадах нідэрландскім мастаком Еранімам Босхам. Зараз гэта палатно захоўваецца ў Венскім Музеі Гісторыі Мастацтваў. Зразумела, хадункі маленькага Ісуса вельмі адрозніваліся ад сучасных. Тым не менш, цікавы сам факт таго, што згодна тагачасным ўяленням нават сын божы карыстаўся іх дапамогай.
У XVII стагоддзі вядома ўжо мноства варыянтаў выканання хадункоў. Адны маглі выглядаць як зэдлік, з круглаватай адтулінай у цэнтры, у якую ўстаўлялася дзіця, да ножак пры гэтым былі прыкручаны колы. Іншыя нагадвалі круглую плеценую юбку з коламі. Незалежна ад канструкцый, усе тыпы падобных прылад надзейна фіксавалі дзіця каля таліі або пад пахамі. У адрозненне ад сучасных версій, дзіцячыя хадункі XVII стагоддзя не мелі ніякіх сядзенняў, таму стаміўшыся ад хады дзіця не мела магчымасці прысесці і адпачыць.
​ ​ ​ ​ Калі гаварыць ужо непасрэдна аб нашых продках, у побыце беларусаў былі распаўсюджаны два тыпы хадункоў. Найбольш старажытныя хадункі уяўлялі сабой жардзіну-шост, які свабодна ўстаўляўся сваімі двума канцамі ў адтуліны зробленыя ў бэльцы і падлозе. На вышыні 60-80 см ад падлогі да яго гарызантальна прымацоўвалі другі шост з абручом на канцы, альбо толькі драўляны абруч, куды ставілі дзіця, якое хадзіла па крузе. Больш пазнейшыя хадункі рабілі з лазы або тонкай ляшчыны ў выглядзе невялікага абруча з ножкамі вакол яго.
Усечаны конус, што складаецца з двух лазовых абручоў рознага памеру, змацаваных паміж сабою па баках з дапамогай шасці ножак, абвязаных лазовым лыкам - менавіта такога ўзору хадункі  (глядзі два апошніх здымка) захоўваюцца ў нашым музеі. Шчыра дзякуем за гэты падарунак хайнічанцы Алене Гарбатай!