Рубрыка «Гісторыя аднаго прадмета»: падвесная калыска

Сёння ў нашай рубрыцы «Гісторыя аднаго прадмета» мы раскажам пра чарговы цікавы экспанат, прадстаўлены ў экспазіціі нашага музея – падвесная драўляная калыска.
Амаль у кожнай сялянскай хаце была калыска (люлька, зыбка) - невялікі драўляны або плецены ложак, у якім калыхалі дзіця. Напольныя калыскі, звычайна выраблялі ў выглядзе прамавугольнага кораба на ножках з дошак, рэечак, ці лазы, падбітых парнымі дугападобнымі брускамі. Такія калыскі часта аздабляліся разнастайнымі точанымі або разьбянымі элементамі, фігурнымі накладкамі. У нашых фондах таксама ёсць калыскі напольнага тыпу, аб якіх мы расскажам вам у наступны раз.
Іншы варыянт калысак - падвесные, плялі з лазовых дубцоў, ракіты, карэнняў у выглядзе доўгага кошыка (часам з казырком); падвешвалі на чатырох почапках да столі ці бэлькі, часцей – да жэрдкі (галіны), якая адным канцом затыкалася за бэльку. Для зручнасці калыхання да калыскі мацавалі вяроўку (можна было калыхаць нагой ці рукой або на адлегласці).
Найбольш просты від калыскі ўяўляў сабою кавалак палатна, што нацягваўся на драўляную раму. Такую калыску было зручна браць у поле, дзе яе падвешвалі на трынозе, абгарнуўшы паверх абрусам ці посцілкай, нібы парасонам.
Падвешванне калыскі пад столлю было невыпадковым: у верхняй частцы памяшкання збіралася цёплае паветра. А яшчэ нашы продкі верылі, што ў падвешанай калысцы дзіця знаходзіцца пад «аховай» нябесных сіл. З калыскамі было звязана шмат павер'яў. Напрыклад, нельга было калыхаць пустую калыску, каб не наклікаць на малога хваробы і іншыя няшчасці. Дзіцячыя ложкі ніколі не выраблялі з асіны. Лічылася, што з гэтым дрэвам «сябруе» нячыстая сіла.
Падвесная калыска, прадстаўленая ў экспазіцыі музея(здымак 1, 2) , выраблена у першай палове ХХ стагоддзя і ўяўляе сабой драўляны кораб, што складаецца з бакавых сценак, падножжа і ўзгалоўя з хвалістым разьбяным верхам.
Шчыра дзякуем за гэты экспанат хайнічаніну Уладзіміру Громаву.