«Адна тысячная таго, што адчувае маё сэрца…». Музейшчыкі знялі фільм пра Мележа

Напярэдадні стагоддзя з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка і нашага земляка Івана Паўлавіча Мележа калектыў Хойніцкага краязнаўчага музея быў заняты распрацоўкай серыі мерапрыемстваў.

Акрамя арганізацыі традыцыйнай тэматычнай работы, такой як выстава кніг і фотаматэрыялаў пра пісьменніка ў музеі, памятных пастоў і відэаролікаў у сацыяльных сетках, было вырашана зняць аматарскі дакументальны фільм, прысвечаны знакамітаму земляку.

Згодна ідэі, прапанаванай навуковым супрацоўнікам Дзмітрыем Громавым, які таксама ажыццяўляў асноўную работу над праектам, відэаздымкі і мантаж, сваімі ўспамінамі і ўражаннямі пра Івана Мележа ў фільме дзяліліся б самыя розныя людзі, у тым ліку тыя, хто ведаў яго асабіста, а таксама людзі,   у жыцці і дзейнасці якіх творчасць пісьменніка адыгрывае асаблівую ролю і займае значнае месца.

Для таго каб ажыццявіць гэта, работнікі музея пагутарылі са сваякамі Мележа: Соф’яй Ліпніцкай, Ліліяй Краўчанка, навуковым супрацоўнікам Дома-музея Івана Мележа Любоўю Рубан, паэтам Міколам Мятліцкім, пісьменнікам-драматургам і старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі  Уладзімірам Гаўрыловічам, а таксама прадстаўнікамі калектыву Мазырскага драматычнага тэатра імя І. Мележа. Здымачная каманда музея, у  якую ўвайшлі навуковыя супрацоўнікі: Дзмітрый Громаў, Кацярына Дзям’яненка і я. Здзейснілі мноства паездак з мэтай збору матэрыялаў, запісу інтэрв’ю, натурных відэа і фотаздымак, сюжэтна звязаных з канцэпцыяй фільма, у вёскі: Глінішча, Хвойнае, Каранёўку і, нарэшце, у Мазырскі драматычны тэатр.

Па задумцы, здымкі і выпуск фільма «Адна тысячная таго, што адчувае маё сэрца…», назва якога запазычвае адну з цытат Мележа, былі падзеленыя на тры часткі. Першая  выйшла якраз да дня нараджэння пісьменніка. У структуры фільма змястоўныя, шчырыя і часам шчымлівыя відэаінтэрв’ю чаргуюцца з біяграфічнымі апавяданнямі аб сустрэчах і ўзаемаадносінах з людзьмі, творчым шляху і галоўным, знакавым у жыцці пісьменніка творы, «Людзі на балоце», які праславіў імя Івана Мележа і наш палескі край  на ўвесь свет.

Выкарыстоўваліся таксама архіўныя відэаматэрыялы і тэатралізаваная сцэнка, сыграная работнікамі культуры Васілём Найдзенка і Таццянай Бордак, якая ўзнаўляе сустрэчу персанажаў «Палескай хронікі» Васіля і Ганны, каля каранёўскай грушы-дзічкі. Закадравыя выказванні і разважанні самога Мележа, упісаныя ў кантэкст фільма для надання яму пэўнай эмацыянальна-сэнсавай афарбоўкі, агучыў Андрэй Эсауленка, а ўрыўкі з музычных твораў беларускіх этна-фолькавых калектываў Dzivia і Hvarna, удала і каларытна адцянілі відэарад, паглыбляючы гледача ў атмасферу мінулых часоў .

Адной з важных асаблівасцяў працы над праектам стаў сюжэт пра драматычны тэатр у Мазыры, які больш за 30 гадоў носіць імя І. Мележа, прычым, менавіта з нагоды пастаноўкі «Палескай хронікі»,  у яго сценах у свой час пабываў і сам Іван Паўлавіч.

 У лютым у рэпертуары тэатра быў заяўлены прэм’ерны паказ спектакля «Людзі на балоце», па матывах двух частак рамана-эпапеі, самага знакамітага глінішчанца. Таму, вырашыўшы, што расповед аб творчай спадчыне Мележа выявіцца няпоўным без каментароў галоўнага рэжысёра Рамана Цыркіна, мастацкага кіраўніка Вікторыі Кузняцовай і кіраўніка літаратурна-драматургічнай часткі тэатра Таццяны Івановай, хойніцкія музейшчыкі адправіліся ў Мазыр.

 У тэатры нас прынялі цёпла і гасцінна, дазволіўшы засняць увесь матэрыял,  які нас цікавіў, і больш падрабязна распавёўшы пра будучую прэм’еру.

Паміж музейшчыкамі і тэатраламі паўстала такая арганічная творчая і нават сяброўская атмасфера, што сустрэча атрымала нечаканы працяг: прымаючы бок зрабіў дарагі і вельмі прыемны падарунак. 9 запрашальных квіткоў на пастаноўку новага спектакля  ўручыў хайнічанам кіраўнік тэатра Рыгор Сітнік.

На пазамінулым тыдні дэлегацыя работнікаў Хойніцкай культурнай сферы з непрыхаваным нецярпеннем нарэшце прыбыла ў тэатр.

Аналізуючы ўражанні ад амаль двухгадзіннай пастаноўкі, можна доўга і з цікавасцю разважаць пра асаблівасці трактоўкі, актуальнасці некаторых тэм для нашых сучаснікаў і фармаце, абраным рэжысёрам. Аднак, чаканым лейтматывам спектакля застаюцца жыццё і доля простых палешукоў, каханне галоўных герояў, асабістыя трагедыі, надзеі і расчараванні на фоне сацыяльных і палітычных падзей, якія ахапілі нашу краіну ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя і ўплеценых у яе лёс.

Усё гэта хвалююча перададзена вачыма розных сацыяльных слаёў той эпохі, падзеленых няроўнасцю, заможнага і беднага сялянства, прадстаўнікоў улады.

Многія сцэны моцна ўзрушваюць і нават агаломшваюць высокай аддачай акцёраў, і сваім эмацыйным напаўненнем. Дастаткова ўспомніць хаця б сцэну прызнання Васіля і Ганны,  размову Ганны з бацькам напярэдадні вяселля з Яўхімам, якая красамоўна перадае бязвыхаднасць гераіні ў складаных абставінах, сцэны вяселля, барацьбы за перадзел зямлі і супярэчлівых узаемаадносін з уладамі.

Раскрыццю рэжысёрскай задумы спрыяла і сцэнаграфія спектакля. Яе па-вясковаму аскетычная, але выразная, мала зменлівая на працягу спектакля аснова – драўляныя пабудовы, насцілы-масткі, за якімі мрояцца туманныя палі, цмяныя балоты і грэбля. Гукавы і калярова-светавы антураж, які дасягаецца з дапамогай адмысловай падсветкі і праекцый фонавага экрана, узаемадзейнічаючы з некаторымі дэталямі сцэнаграфіі стварае гарманічную інтуітыўна-падсвядомую нагрузку, дазваляючы інтэрпрэтаваць сэнс таго, што адбываецца на сцэне.

Прымаючы на ўвагу ўсё вышэйпералічанае, пастаноўка пакінула вельмі добрыя ўражанні. І хоць канец спектакля пакідае ў суперажываючага гледача некаторае адчуванне суму, ад нявызначанасці далейшага лёсу персанажаў, публіка прысутная ў зале  відавочна засталася цалкам задаволенай  ад гэтай выдатнай візуальнай рэалізацыі літаратурнага шэдэўра нашага вялікага земляка-класіка.

Падводзячы вынік, рэкамендуем абавязкова наведаць спектакль  усім неабыякавым да тэатральнага мастацтва і літаратурнай спадчыны Івана Мележа. Таксама хочам нагадаць чытачам пра тое, што ўсе часткі фільма «Адна тысячная таго, што адчувае маё сэрца…» вы можаце паглядзець у суполках Хойніцкага краязнаўчага музея, ў сацыяльных сетках і на музейным ютуб-канале.

 А. Эсауленка, галоўны захавальнік фондаў Хойніцкага краязнаўчага музея

Спасылка на артыкул у газеце "Хойніцкія навіны": http://www.hoiniki.by/?p=60905

734