Рубрыка «Гісторыя аднаго прадмета»: верацяно

Працягваем нашу рубрыку “Гісторыя аднаго прадмета”. І сёння мы вас пазнаёмім з прыладай для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі – верацяном. У старажытныя часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка даўжынёй 20-30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які для павялічэння вагі надзявалі прасліца, і вострай пяткай. Верацяно выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і інш. На вытачаных вераценах дзеля зручнасці і як аздабленне наразалі кольцы-паглыбленні.
Яно сімвалізавала жаночы пачатак і жаночыя заняткі. Жанчына трыма пальцамі левай рукі выцягвала валакно з кудзелі і адначасна трыма пальцамі правай рукі круціла верацяно. Калі выпрадзеная нітка дасягала даўжыні выцягнутай рукі, пралля накручвала нітку на пальцы левай рукі, а потым на верацяно. І на верхняй яго частцы замацоўвала пятлёй.
Каб "перадаць" толькі што народжанай дзяўчынцы навыкі прадзення і ткацтва, каб яна была працавітай, пупавіну пераразалі на верацяне.
Верацяно ў шэрагу іншых вострых рэчаў выступала абярэгам ад нячыстай сілы: яго клалі ў калыску дзіцяці ці вешалі пры галаве. У той жа час існавала строгая забарона даваць верацяно дзіцяці ў рукі. Лічылася, што калі дзіця ўколецца аб верацяно, то спыніцца ў росце ці будзе расці ў шырыню.
На працягу года існаваў шэраг абмежаванняў на выкарыстанне верацяна. Так, паўсюдна існавала забарона прасці ў пятніцу. А напярэдадні вялікіх святаў з хаты выносілі прылады ткацтва. Да Раства трэба было абавязкова схаваць верацяно, прычым на яго неабходна было накруціць паболей нітак, каб наступны год быў такім жа «поўным», спрыяльным.
Цікавая традыцыя звязана з забаронай пакідаць верацёны на Каляды – бо знаходжанне іх навідавоку абяцала сустрэчу змей улетку (казалі: “верацёны вужамі пойдуць у лес”). Існуе таксама і легенда пра змяю-верацяніцу, што паўстала з верацяна, якім ткалі на Каляды. Відаць, падабенства рухаў кручэння верацяна і змяі паслужылі падставай іх актыўнага збліжэння ў народных уяўленнях.
Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя яшчэ выкарыстоўваўся спосаб прадзення на верацяне, але ўжо існавала самапралка (ці калаўрот), што значна палегчыла працу жанчыны.
У экспазіцыі нашага краязнаўчага музея прадстаўлены верацёны першай паловы ХХ ст.