Рубрыка "Гісторыя аднаго прадмета": лязіва

Шаноўныя сябры! Рады вам паведаміць, што мы распачынаем новую пазнавальную рубрыку "Гісторыя аднаго прадмета". На працягу года суполкі Хойніцкага музея ў сацыяльных сетках, будуць знаёміць вас з разнастайнымі экспанатамі нашага музейнага фонду. Сачыце за рубрыкай і даведаецеся шмат новага і цікавага.

Адчыняецца рубрыка са знаёмства з лязівам, прыладай бортніка-пчаляра.
Лязіва (лакальныя назвы: лазіва, лёзы, лазва, лазня, ліна, ліня, плець, жэнь) – адмысловае прыстасаванне, назва якога паходзіць ад слова "лазіць", з дапамогай яго бортнік узбіраецца на бортнае дрэва.
Лязіва складаецца з асноўнай часткі - плеценай скураной або канаплянай вяроўкі з сядзёлкай (крэсла, лазвеня) на адным канцы і драўляным крукам або пятлей на другім. Паміж імі знаходзіцца "казёл" рухомая драўляная дэталь-фіксатар. Больш старадаўнія лязівы, напрыклад сярэдзіны XVI стагоддзя, звычайна пляліся з лыка.
Існавала некалькі адрозных прыемаў пад'ема на дрэва з дапамогай лязіва.
Са з'яўленнем звычайнага ў наш час вулейнага пчалярства, бортніцва і яго традыцыйныя прылады, такія як лязіва, паступова адыйшлі ў мінулае.
Але і зараз існуюць нешматлікія аматары бортніцкіх промыслаў амаль ва ўсім свеце, ў тым ліку і Беларусі, якія займаюцца яго адраджэннем і па-ранейшаму выкарыстоўваюць у сваёй працы лязіва.