Рубрыка «Гісторыя аднаго прадмета»: калыска напольнага тыпу

Працягваем нашу рубрыку “Гісторыя аднаго прадмета”. Сёння, як і абяцалі у мінулы раз, мы раскажам вам пра калыскі напольнага тыпу, якія есць у фондах нашага музея.
Калыска ў выглядзе невялікага ложка на ножках, падбітых папарна дугападобнымі брускамі была пашырана з канца XIX ст. Звычайна калыску выраблялі толькі з чыстых парод дрэва - клён, каліна, ясень, арэх, ляшчына і інш. Часта аздаблялі яе прапілоўкай па краях дашчаных спінак, фігурнымі прафіляванымі накладкамі, точанымі ці разьбянымі элементамі, з якіх набіралі рашэцістыя бакавіны. Плеценыя з лазы калыскі дэкаравалі спалучэннем розных спосабаў пляцення.
Па сутнасці калыска ў некаторых сем'ях ўспрымалася як адзін з абярэгаў дзіцяці. У сям'і колыска заўсёды была адна, змяняліся толькі пакаленні нованароджаных, для якіх яна рабілася "першым домам". Калыска ў славянскай традыцыі гэта першы зямны прытулак, першы жылы дом чалавека, аб'ект і месца магічных абярэгаў, накіраваных на абарону жыцця і здароўя дзіцяці. У сваім сімвалічным значэнні калыска суадносіцца з матчыным улоннем, жылым домам і труной.
З калыскай звязаны шмат народна-абрадавых дзеянняў: да таго як палажыць у яе дзіця, перш за ўсё, туды клалі нагрудны крыжык, які яно атрымала пры хрышчэнні. Таксама клалі розныя абрадовыя рэчы — асвечаныя расліны, лазу, часнык і інш.
Забаранялася калыхаць пустую люльку, каб не наклікаць бяды на дзiця, а таксама нельга было качаць яе ўдваiх, бо гэта магло спрычынiць зварку ў сям'i. Дарослым нельга было ў калыску сядаць, павяртацца да яе спіною ці пакідаць на падворку пасля заходу сонца, бо ўсё гэта паслабляла абярэгавую сілу колыскі.
У наш час самаробныя калыскі амаль выйшлі з ужытку, саступіўшы месца каляскам і ложкам прамысловай вытворчасці.
У фондах нашага музея прадстаўлены два віда калыскі напольнага тыпу: драўляная і плеценая з лазы.