Рубрыка «Гісторыя аднаго прадмета»: рубель

Рубрыка “Гісторыя аднаго прадмета” працягваецца! Сення гаворка пойдзе пра прадметы побыту, якія выкарыстоўваліся для прасавання бялізны. Нашым бабулям і прабабулям даводзілася марнаваць нямала часу і прыкладаць шмат сіл, займаючыся гаспадаркай. Зараз усё інакш, тэхнічны прагрэс палегчыў для чалавека многія справы і аўтаматызаваў розныя працэсы.Раней жа, такі працэс як прасаванне бялізны быў неверагодна працаёмкім і патрабаваў ад жанчыны як мінімум вынослівасці.
Першыя прасы з’явіліся на тэрыторыі Беларусі ў часы Вялікага Княства Літоўскага. З'яўляючыся прадметам раскошы і паказнікам узроўня дабрабыту гаспадароў яны шмат каштавалі, і не былі даступнымі для шырокага кола людзей.
Таму, доўгі час асноўнымі "прыладамі" нашых прабабуль пры прасаванні бялізны, былі драўляныя качалка і валок (рубель).
Качалка мела выгляд палкі з роўным круглым перасекам, а рубель – прамы ці выгнуты драўляны брус з нарэзанымі ўпоперак трапецападобнымі зубцамі знізу і з ручкай. Ручкі былі двух тыпаў: адны з іх з’яўляліся працягам бруса, другія прымацоўваліся зверху да аднаго з канцоў валка. Зубцы, як правіла, размяшчаліся шчыльна адзін каля аднаго. Спінка валка звычайна плоская, але сустракалася і трохгранная; зрэдку іх дэкарыравалі контурнай разьбой (у выглядзе разеткі, сеткі, паралельных канавак). Само слова рубель паходзіць ад слова “секчы”, так як выемкі высякаліся сякерай.
Працэс прасавання адбываўся так: высціраную, яшчэ вільготную бялізну накручвалі на качалку (атрымлівалася скатка), на якую зверху ўкладвалі рубель зубчастай бокам уніз і раскочвалі, з сілай прыціскаючы рубель абедзвюма рукамі за рукаяць і супрацьлеглы канец. Шчарбіны на рублі разміналі тканіну і з яе выходзіў апошні бруд. Раскочаная такім спосабам бялізна станавілася мяккай і беласнежнай. Адсюль і прыказка:"Не мыццём, а катаннем".
Безумоўна, якасць такога прасавання значна саступала прасаванню вугальнымі прасамі (пра якія мы раскажам у наступны раз), але, гэтым спосабам нашыя продкі працягвалі карыстацца даволі доўга, да сярэдзіны 20 стагоддзя. І зараз, трапляючы ў этнаграфічную экспазіцыю нашага музея, некаторыя наведвальнікі часам пачынаюць жыва ўзгадваць, як некалі яны, альбо нехта з іх сваякоў карысталіся драўлянымі валком і качалкай.