Рубрыка «Гісторыя аднаго прадмета»: церніца

Рубрыка “Гісторыя аднаго прадмета” працягваецца. Прапануем вашай увазе цікавы экспанат для з фондаў нашага музея – церніцу.
Церніца (мялка, мяліца, мячка, ільнамялка) – прылада для мяцця ільну, з дапамогай якой аддзялялі ільняное валакно ад цвёрдай часткі сцябла (кастры, кастрыцы). Пасля абрывання ільняных галовак, вымочвання і прасушвання ільну, прыступалі да яго мяцця. І рабілі гэта менавіта з дапамогай церніцы. У наш час церніца выйшла з ужытку.
На Беларусі вядомы чатыры тыпы церніц: нахільная, зробленая са ствала дрэва, двухрэбравая, аднарэбравая і гарызантальная, збітая з дошак. Але найбольшае распаўсюджанне атрымалі толькі два асноўныя тыпы церніц: нахільная і гарызантальная. Кожны тып меў свой арэал распаўсюджання. Абодва тыпы церніц не лакалізаваліся толькі ў межах Беларусі. Напрыклад, нахільная двухрэберная церніца, пашыраная на поўначы Беларусі, вядома таксама на захадзе Літвы, Латвіі і Расіі. Аднарэберная церніца, характэрная для ўсходняй часткі Беларусі.
На астатняй частцы Беларусі, у прыватнасці на Палессі і ў цэнтральных раёнах, была распаўсюджана гарызантальная аднарэберная церніца. Церніца такога тыпу пашырана ў балгар і ў іншых паўднёваславянскіх народаў. Гарызантальная церніца ў адрозненне ад названых вылучаецца некаторымі канструкцыйнымі асаблівасцямі. Так, на ўсходзе Беларусі вядома церніца-двухручка. На ёй маглі працаваць адначасова дзве жанчыны. На паўднёвым усходзе вядомы «карагоды» – чатыры церніцы, злучаныя разам.
У экспазіцыі нашага краязнаўчага музея размешчана гарызантальная ільнамялка. Яна выкарыстоўвалася для пярвічнай апрацоўкі льняной ці канаплянай трасты.
Працавалі на церніцы наступным чынам. Пучок добра высушаннага лёну безнасенных скарыначак – «трасты» клалі папярок бервяна церніцы і ўціскалі бічом у шчыліну, з-за чаго кастрыца ламалася. Біла ўздымалі, перасоўвалі пучок і зноў націскалі бічом. Калі кастрыца на большай частцы сцябла здрабнялася, пучок пераварочвалі, бралі за другі канец і прараблялі ўсё зноў. Затым трасту заціскалі бічом і прадзёргівалі, каб выдаліць кастрыцу і абарваныя валокна. Пасля гэтага атрымлівалі чыстае ільняное валакно, якое затым трэба было патрапаць і часаць, каб атрымаць кудзелю. Але аб гэтым у наступных выпусках.