Рубрыка «Гісторыя аднаго прадмета»: грэбень

Працягваем нашу рубрыку “Гісторыя аднаго прадмета”. І сёння мы пазнаемім вас з яшчэ адной прыладай, якая есць у фондах нашага музея - гэта грэбень. Грэбень (друка) – прылада для часання льнянога валакна. Вядомы драўляныя (найбольш старажытныя), якія вырабляліся з аднаго кавалка дрэва (асіны, бярозы), і металічныя грабяні. На поўдні і на ўсходзе Беларусі быў распаўсюджаны недраўляны грэбень лапатападобнай формы з выразаным зуб’ем, на поўначы (Віцебшчына, паўночныя раёны Міншчыны і Магілёўшчыны) – грэбень з набітым драўляным зуб’ем. На ўсёй тэрыторыі Беларусі сустракаюцца грабяні з металічным зуб’ем. Лапатападобны тып выраблялі з аднаго кавалка дрэва; на лопасці (шырынёй 20–30 см) праразалі зуб’е (20–25 см), лопасць пераходзіла ў ручку (80–90 см; звычайна ручку клалі на ўслон і садзіліся на яе). Прамавугольныя грэбні ўяўлялі сабой дошку (даўжынёй 1 м і шырынёй 30–40 см), у цэнтры якой прымацоўвалі дошчачку з набітым на ёй драўляным зуб’ем.
У другой палове XIX стагоддзя былі пашыраны грабяні з металічным зуб’ем, набітым пасярэдзіне або на абодвух канцах дошкі (рэдкае і частае). У заможных гаспадарках грабяні звычайна купляліся гатовыя, асноўная ж маса сялянства карысталася самаробнымі грабянямі, у якіх замест металічнага зуб’я набіваліся цвікі. Прычым металічныя грабяні былі больш дасканалыя, бо ў іх зуб’е набівалася з двух канцоў дошкі: з аднаго – густа, з другога – радзей. У такім выпадку валакно часалася два разы: спачатку на рэдкім зуб’і, а потым на густым, што павышала якасць валакна
У экспазіцыі нашага краязнаўчага музея прадстаўлена некалькі відаў грэбняў. Гэта драўляны грэбень лапатападобнай формы з выразаным зуб’ем; грэбень з ўзвышшам пасярэдзіне дошкі з набітымі цвікамі для лепшага часання; невялікі драўляны грэбень, па форме падобны на грэбень для расчэсвання валасоў.