Рубрыка «Гісторыя аднаго прадмета»: калаўрот

Рубрыка “Гісторыя аднаго прадмета” працягваецца. Сення гаворка пойдзе пра прадмет побыту, які выкарыстоўваўся для прадзення лёну ў хатніх умовах.
Калаўрот (калаварот, самапрадка) – прылада для механізаванага прадзення лёну і воўны ў хатніх умовах. На Беларусі вядомы 2 тыпы калаўротаў – стаяк (больш характэрны для заходніх раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсходніх і паўночна-ўсходніх раёнах). Абодва тыпы мелі аднолькавыя рабочыя часткі: кола, педаль (шатун, ківач), якой кола прыводзілася ў рух, і прадзільны апарат. Апошні складаўся са стрыжня і размешчанай на ім шпулькі для намотвання пражы і маленькіх калёсікаў, злучаных пры дапамозе шнуроў з вялікім колам. У калаўроце-стаяку кола знаходзілася паміж дзвюма вертыкальнымі стойкамі пад прадзільным апаратам, у калаўроце-лежаку – збоку ад прадзільнага апарата.
У сялянскім быце калаўрот выкарыстоўвалі з сярэдзіны XIX ст., асабліва ў раёнах інтэнсіўнага ільнаводства (на поўначы і ўсходзе сучаснай Беларусі). У паўднёвых раёнах часцей за ўсё пралі з дапамогай верацяна. Каштавалі калаўроты шмат, але пража атрымлівалася лепшай і больш роўнай, а працаваць на іх было хутчэй і зручней.
Калаўрот суправаджаў дзяўчыну ад нараджэння і да замужжа. Гэта неабходнае ў доме прыстасаванне клалі дзяўчынцы пад калыску для лячэння начнога плачу і ад спалоху. Бадай, лепшым падарункам жаніха сваёй нявесце быў новы калаўрот, зроблены і ўпрыгожаны яго рукамі.